РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Наста Кудасава
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Багіня

#1
Вусны чужыя, далоні далёкія...
Ці давядзецца ўзысьці і наблізіцца,
Не абгарэўшы пад Вашымі крокамі?
Фізіялёгія ці метафізіка?
Проста прышэсьце! Багіня? Прарочыца?
Не разглядзець за нябёснымі промнямі.
Сэрца нямее ад страху... і хочацца
Вуснамі вуснаў, далоняў далонямі.

 

#2
Рот – пацалункаў куфар.
Форма – багіня.
Зьмест – невядомым духам
зможаныя вяршыні.
Плечы – хачу-пастка.
Вусны – спакуса.
Выцалаваць бы з маскі
гэтыя вусны.
Выабдымаць бы рукі –
неба галіны.
Стань маім першым рухам,
першай цаглінай,
першай багіняй стань мне,
першай царыцай.
Хай назаўжды ня зьвяне
гэтае ніцма,
гэтая прага пакоры
яснаму целу!
Стань мне жывой зоркай,
яблыкам сьпелым.
Голад такой Музы
не наталіць хлебам –
выцалаваць бы вусны
з гэтага неба!

 

#3
Ханаанам каханая
сэрцу сырому.
Ты Зямля Абяцаная,
добрае дома.
Каралевай каханая
сыну галечы.
Бы нябёснаю маннаю,
белыя плечы
ахінутыя гонарам -
пастка бязьвінных!
Мне б паўстаць тваім донарам
кожнай крывінкай!
Увайсьці ў беззаганную
першаснасьць Евы...
Мая ясная Панна,
мая Каралева!

 

#4
Лягу побач –
начны лёкай,
не гаворачы
ні кроку,
не гаворачы
ні кропкі,
лягу побач,
каб ты – толькі.
Толькі вобшук
рукі роднай...
Лягу побач
тваім стогнам,
лягу побач –
гарэць догмам!
Нарачоная
мне
Богам!

 

#5
Мармуровы арамат цела белага,
Колькі сьпелага «люблю» табе сьпела я,
Колькі выпіла атрутнага голасу –
Не зап’ецца гэты грэх, не замоліцца...
 
Закіданая гарачымі строфамі
Чараўніца таямнічага профілю,
Зорны скарб, у самым сэрцы пакладзены,
Мармуровая мая Багададзенасьць!..

 

#6
Наталі гэты гмах,
Гэты грэх адрадзі,
Мы на кволых нагах
Перад тварам Судзьдзі,
 
Наш прысуд адкахаць
На драпежнай зямлі,
I таму не сьціхай –
Наталі, наталі...
 
Запалі мае пальцы
Вадою жывых.
Я, на шчасьце ці жаль,
Не сьляпы і ня мніх.
 
Мне салодкі палын
Тваёй моцы, Ліліт,
Не мінай маю плынь –
Наталі, наталі...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.