РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паклон мой народу за песьні
Аб горы, няволі народа,
Аб тым, што народ мой ускрэсьне,
Была мая ў цяжкіх нягодах
Скаваная, сумная песьня.
 
Народныя думы і казкі
Давалі мне сілы нямала,
А моладасьць прагнула ласкі,
А моладасьць ласкі ня знала.
 
А песьня з народам упобач
Ішла і хісталася ў полі,
Гаротнасьць была яе здобыч, –
Сьпявала ў праклятай няволі.
 
I крыўда крывава смактала
Мне долю маю маладую.
Мінула пракляцьцяў навала,
Год дваццаць у шчасьці жыву я.
 
I сёньня ня тое, іначай, –
Ня знаюць стамлёнасьці думы,
Душа не сумуе, ня плача, –
Пявучыя вокала шумы.
 
Гамоняць зялёныя сосны,
Шумяць у прысадах бярозы.
Жыву я ў квяцістыя вёсны,
Зьнікуль не пужаюць пагрозы.
 
Сягоньня з народам шчасьлівым
Я сьвяткую сьвята ўрачыста.
Багаты ўраджаямі нівы,
Буяюць, пяюць каласіста.
 
У песьнях павырасьлі крыльлі,
Лунаюць пад неба, край сьвету;
Хоць продкі заснулі ў магіле,
Красуюць патомкі за гэта.
 
Паклон мой народу за песьні,
Што даў, навучыў, як складаюць, –
Сьпяваў іх калісь у прадвесьні,
Сягоньня вясну апяваюць...
 
Паклон мой народу ад сэрца,
Што сілу даваў для змаганьня,
Хай далей жа сэрца ў даль рвецца
Да сталінскіх зораў сьвітаньня.
 
1941
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.