РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З новай думкай
З новай думкай, з новай песьняй
      Выйдзеш ты на нівы,
Беларусе, напрадвесьні,
      Браце мой цярплівы.
 
Засяваці будзеш зернем,
      Як бурштын, адборным,
I ніхто цябе ня зьверне
      Са шляхоў прасторных.
 
Думкі пабягуць іначай
      Цераз долы, горы,
Ты сягоньня тое ўбачыш,
      Што ня бачыў ўчора.
 
Будзе сьвет табе вясёлым,
      Весялей з днём кожным,
Не пабачыш навакола
      Злыбяды астрожнай.
 
Будзеш важна паглядаці,
      Як у цябе дома
На куце сядзіць багацьце,
      Нібы госьць вядомы.
 
Пра дзень заўтрашні пакінеш
      Думаць думкі ў горы,
Дабром поўны будуць скрыні,
      Жывёлай – аборы.
 
Біць ня будзе пан вяльможны
      З твайго ж лесу палкай,
Што ты быў неасьцярожны,
      Зьняць забыўся шапку.
 
Знаць ня будзеш ты век-векам
      Нядолі абрыдлай,
Звацца будзеш чалавекам,
      А ня панскім быдлам.
 
Ў добрай долі і прыгодзе,
      Радасны, шчасьлівы,
Жыць ты будзеш у свабодзе,
      Браце мой цярплівы.
 
1939
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.