РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дожджык
Бязь ветраў і раскатаў грамавых
Пайшоў ён раптам, цёплы і спакойны.
I ўжо глядзяць пучкі лісткоў жывых
З духмяных почак на таполі стройнай,
I нібы чуеш, як трава расьце,
I зелянеюць неўзабаве ўсходы...
Аб сьціплай чалавечай дабраце
Напомніць дожджык гэткі мне заўсёды.
Жыве дзесь побач чалавек, і ён
Не любіць гучных слоў,
Хваліцца
Заслугамі ня будзе, як закон,
Ня сыпле громаў з бліскавіцай.
I непрыкметны часам ён таму.
Ды вось у цяжкія гадзіны
Суцешыць, гору памагчы твайму
Сумее, можа, толькі ён адзіны.
Ня будзе ён ні ахаць, ні ўздыхаць,
А моўчкі рукі пакладзе на плечы
I скажа ціха:
                    «Хопіць гараваць».
I ўсё так будзе проста і дарэчы.
Ад дабраты яго адчуеш ты
Прыліў у сэрцы сілы новай...
Ліецца дожджык, цёплы і густы, —
Як госьць жаданы для зямлі вясновай.
 
1956
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.