РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вяснушкі
Маленькія бяскрыўдныя вяснушкі...
А колькі клопатаў было дзяўчыне
Парой вясноваю, калі вяснушкі,
Як зоры вечарам на небе чыстым,
На твары высыпалі дружна.
Здавалася тады дзяўчыне,
Што ўсю красу яе яны загубяць,
Што зробяць яе вельмі непрывабнай
Маленькія бяскрыўдныя вяснушкі.
I горка праклінала іх яна
I ненавіснымі іх называла.
I доўга так было, пакуль
Зь любоўю не спаткалася сваёй
Вясноваю парой дзяўчына.
Яны сядзелі побач да зары.
Калі ж зара яе твар асьвятліла,
Глядзеў хлапчына, як зачараваны,
На твар яе, а потым і сказаў:
— Якая ты прыгожая ў вяснушках...
I у першы раз яна не крыўдавала,
Што пра вяснушкі гаварылі ёй.
I ў першы раз падумала яна,
Што не такая страшная загана —
Маленькія бяскрыўдныя вяснушкі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.