На ганак выйшла. Угары, У цёмным небе зорка зьзяла. Сюды даходзіў пах кары... А за сьпіною млела зала, I дзьверы тоненька рыпелі, Цвыркун нібыта струны кратаў. Туман над садам белы-белы Аблокамі на травы падаў. Крыштальныя зьвінелі люстры, Шумела зала, як Парнас! I бачылася ў простай хустцы Сама Паэзія між нас! Ішла павольна, ледзь ступала, Нібыта па жывой рацэ, I плыў за ёю цень Купалы З жалейкай-дудачкай ў руцэ! Ніхто ня ўбачыў, не прыкмеціў Застольле сьмеху i дабра! Сьпявалі яблыні i вецер, I зорка – казачнае «бра»! Стаю на ганку. Цень празрысты Узмах птушынага крыла! Хусьцінка – ветразь прамяністы, Амаль, што побач праплыла!
|
|