РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Два вершы
500
Маме

 

* * *

Як ціха яблыні шумяць
            у нашым садзе,
мы адвячоркам ля акна
            з табой прысядзем,
пачну расказваць пра сябе, –
            табе цікава,
а мне лавіць бы на сабе
            пагляд ласкавы.
 
Жаночы лёс – няпросты лёс,
            я гэта знаю,
удосталь сьмеху, ўдосталь сьлёз –
            усё прымаю,
да сэрца блізка не бяры
            мае нягоды,
яшчэ сьпяваюць салаўі
            мне цераз годы.
 
Як ціха яблыні шумяць
            у нашым садзе,
давай жа, мама, ля акна
            з табой прысядзем,
цень адвячоркавы, густы
            на шыбку ляжа,
табе пра тое, што ўтаю,
            вясна дакажа...

 

* * *

Адрываюся зноў ад пapoгa,
я прашу цябе, мама, ня плач!
Дай што-небудзь сваё на дарогу
i за ласку скупую прабач.
Разьвітацца ня ўмею дагэтуль,
адыходжу, звычайна, бяз слоў...
Наўздагон мне вясёлае лета
выпускае сваіх матылёў.
Легкакрылыя, зь яркай рыжынкай,
i яны вылятаюць у сьвет,
быццам дражняць каго над сьцяжынкай,
на якой пакідаю свой сьлед.
Ну, канечне ж, яна дарагая,
лепшых сьцежак у сьвеце няма,
цеплынёю тваёй патыхае
верасовая, мама, кайма.
Нашы дрэвы над ёй пастарэлі,
на Друці абмялелі брады,
i дзіцячае казкі арэлі
мне цяпер замяняюць гады.
Прыбіваюць нястрымнаю хваляй
да пяшчотных тваіх берагоў,
дзе рабіны ў пунсовых каралях
не баяцца глыбокіх сьнягоў.
Ты з пагляда сатры павалоку,
прыхавай, мая мама, сьлязу,
бо ня раз я, напэўна, здалёку
да цябе ўсё сваё прывязу.
Невядомае шчасьце ці гора,
за яго гэтым ранкам даруй,
я ня знаю, чым годы адораць,
ты ня плач, а на лёс – пацалуй...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.