РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З А. Міцкевіча
Трох Будрысаў
Стары Будрыс трох сынаў, як сам, ёмкіх літвінаў
На дзядзінец заве і гавора:
Коні з пашы вядзеце; зброю, сёдлы браць з клеці!
А спраўляцца мне жвава і скора.
 
Зь Вільні вестку мне далі, што ўжо там наказалі
Тры вайны на тры сьвета староны:
Вольгерд рускіх біць едзе, Скіргел – ляхаў-суседзеў,
А князь Кейстут заграбіць Тэўтоны.
 
Дзяцюкі вы ня зломкі, для радзімай старонкі
На вайне пашукайце ўспамогі...
Ня йду сёлета з вамі, – знаю – трапіце самі;
Трох вас ёсьць і тры ёсьць вам дарогі.
 
Вось адзін хай пасьпее за Альгердам ў Расьсею
Па-над Ільмень, пад мур Навагроду;
Там – саболі і лісы, і злацістыя місы,
І ў баяраў там грошы – як лёду.
 
Едзь другі да Кейстута, а ўвіхайся там крута,
Крыжакам дай, як сьледна, па пятах;
Меруць там на асьміны брыліянты, бурштыны,
Дарагіх шмат ксяндзоўскіх арнатаў.
 
Скіргел з трэцім памчыцца там, дзе Вісла бурліцца;
Беднату там убачыш ліхую,
Але возьмеш за тое ўзбраеньне стальное,
I мне стуль прывязеш сынавую.
 
Бо дзе я ня быў толькі, спадабаў адны Полькі, –
Так панадны мне стан іх дзявочы,
Твар іх бела-ружовы, як смоль – чорныя бровы,
Як дзьве зоркі, так сьвецюцца вочы.
 
Маладым чалавекам, я стуль быў прад паўвекам
Сабе вывез палячку за жонку;
Хоць яна ўжо ў магіле, я ўбываю на сіле,
А ўсё ж міла гляджу ў ту старонку.
 
Даўшы так асьцярогу, блаславіў на дарогу;
Яны ўзялі бронь, селі, пабеглі.
Сходзе восень, зіма йдзе, сыны ўсё там – вайна дзе;
Будрыс думаў, што ў бітвах палеглі.
 
Па сьняжыстай дарожцы, мчыцца ў зброі хтось к вёсцы,
А пад буркаю нешта хавае:
Кубел – гэта, знаць, – ноша, а ў ім рускія грошы…
Не!.. Палячка – твая сынавая.
 
Па сьняжыстай дарожцы мчыцца ў зброі хтось к вёсцы,
А пад буркаю нешта хавае:
Мусіць з Прусаў, мой сыну, цягнеш кубел бурштыну…
Не!.. Палячка – твая сынавая.
 
Па сьняжыстай дарожцы трэці нехта прэ к вёсцы,
А пад буркай вяліка дабыча.
Будрыс – што? – не пытае, толькі госьці склікае,
На вясельле іх трэцяе кліча.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.