РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шляхам гадоў

15/V-1905 – 15/V-1925

 
Як пацерку да пацеркі, за годам год
На шнур жыцьця ўсё ніжа, ніжа;
Адна з тых пацерак сьцюдзёная, як лёд,
Другая цёплая, як сонца летні ўсход,
А трэйцяя – як той чарвяк з-пад крыжа.
Адна далей, другая сэрцу бліжай,
Адна, як кветка, а другая, як асот,
А ўсе вісяць на шыі...
                                    Дваццаць толькі год
Прайшло з тых пор, калі ў прадвесьні,
Успомніўшы сваю бяду і свой народ,
Жывая думка зазьвінела буйнай песьняй.
А многа зьмен: за летам лета, за зімой зіма
Праз гэты час на беларускія нясьлі загоны:
Былі прабліскі і была благая цьма.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Перш-наперш дзевяцьсоты пяты год, калі законы
Расейскага цара на вісельню вялі
Дзяцей скаваных Беларускае зямлі,
А там – рэакцыя, чарнейшая ад ночы,
Кроў выпівала з сэрца, асьляпляла вочы;
Калі здавалася, што гэтак будзе без канца
Гуляць нагайка над «забраным» краем,
Што людзі «лепшыя», як зблукшая аўца,
Той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем
Імкнуцца будуць вечным тым звычаем,
Што атрымалі ад прадажных продкаў,
Якія за шляхоцкія адзнакі,
Або за царскія чыны, ў прымакі
Плылі ў чужыншчыну сьляпой паводкай.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Далей... Цары карон з сабой не падзялілі:
Год чатырнаццаты абліў крывёй зямлю,
I беларускія сыны на прадзедаў магіле
Ліць кроў пайшлі за Бацькаўшчыну, толькі ж... не сваю.
Палілі хаты ім і ў бежанцы, як жабракоў, пагналі
Туды – ў Сібір – жалобнай, сьлёзнай хваляй.
Бацькі і маткі там ад голаду каналі,
Ад роднага адлучаны дабра,
А дзеці іхнія кроў верна пралівалі
За веру рускую і рускага цара.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
I рухнула вайна цароў за царскія кароны,
I іншы запалаў на сьвеце дым чырвоны:
Чырвоны сьцяг узьняўся над Масквой,
Аж па-за межы водбліск гэты пакаціўся.
Рабочы тут пісаў закон жалезны свой:
Адважна рызыкуючы працоўнай галавой,
Упобач зь селянінам за ланцуг свой мсьціўся.
То рэвалюцыя запела на ўвесь сьвет:
«Паўстань, пракляцьцем катаваны!»...
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
                                                                Ды ўсіх бед
Яшчэ ня ўсьпеў пазбыць край зрабаваны:
Зьняўцеку панскі конь пачаў нам гоні дратаваць.
I ўбачылі засмучаныя нашы вочы,
Як дні праяснасьці зьмяніліся на ночы,
Як зноў бізун па Беларусі стаў сьвістаць;
Крыві нявіннай пацякла рака,
Крывёй пажараў аблілося неба.
Так дзякавала панская рука,
Што некалі – ці трэба, ці ня трэба –
Мы паншчыну на іх рабілі, як маглі,
I хлеба лусты ім свае апошнія нясьлі,
А маткі нашы мамкамі для іх былі.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Але мінулася і гэта ліхалецьце,
Хоць і ня ўсе ў сваю сышліся хату дзеці:
Адных магіла ўжо ня верне нам,
Другія і сягоньня іншым б'юць паклон багам,
Ад трэціх жа гранічны слуп нас адзьдзяляе.
Відаць, што доля ўжо такая...
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Вось так шляхамі год дагэтуль я ішоў
З адною думкаю аб шчасьці Беларусі;
То блукаўся паміж абшараў і крыжоў,
То, як сланечнік, к сонцу яснаму імкнуўся...
Сягоньня ўжо працерабіўся гэты шлях:
На гонях родных не пануе нелюдзь,
З душы спадае перад будучынай жах,
Да новага жыцьця сьцягі віднеюць.
На чорных пажарышчах дзён мінулых
Народ разбуджаны сабе сам ладзіць гаспадарку.
I веру... Не прадасьць ён за чужую скварку
Ані сваёй зямлі, ані сваіх дум чулых.
Я веру, песень маіх кліч бунтарскі
Знаходзіць водгук будзе ў сэрцах братніх,
Як і дагэтуль голас мой пясьнярскі
Не заміраў бяз водгульля астатнім.
Што думаў селянін, што парабак-работнік думаў,
Падслухаў іх і ў песьню шчыра пераліў,
А ўжо яны пад гоман вольных шумаў
Мне свой прыхільны водклік падалі.
Дык жа шумі, красуй у волі, родны Край!
Зьвіні ў свой звон, сялянска-пралетарскі звон!
Сьпявай ты, Беларусь, у радасьці сьпявай!
Твайго Народа сёньня права і закон.
 
1925
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.