РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каб...
Каб таму па локаць
Адсушыла рукі
I аб сьценку біўся
Ад балеснай мукі, –
 
Хто сушыў ў няволі
Люд наш працавіты,
Задаваў вужача
Раны непазбыты.
 
*

Каб таму крукамі
Пакрыўляла ногі
I да роднай хаты
Не знайшоў дарогі, –
 
Хто крыўляў нам праўду,
Застаўляў ў прыгоне
Бежанцамі гінуць
На бацькоўскіх гонях.
 
*

Каб таго скруціла
Гадзінавым скрутам
I прыстала потым
Сухажыльным прутам, –
 
Хто круціў нам сьцежкі
Да жыцьця і славы,
Засьцілаўшы вочы
Туманом крывавым.
 
*

Каб таму маланкай
Асьляпіла вочы
I блукаў абмацкам
Ён удзень і ўночы, –

Хто для нашых дзетак
Хоча асьляпленьня, –
Бэсьціць чужаніцай
Думак прасьвятленьне.
 
*

Каб вады гарачай
На таго нагрэлі
I ня ўстаў ён болей
Са сваёй пасьцелі, –
 
Хто над Беларусяй
Хоча распасьцерьці
Свой бізун чужацкі
I народ усьмерціць.
 
*

Каб таго парвала
3 сэрцам на тры часьці
I зьвяр'ё збрылося
Мяса параскрасьці, –
 
Хто быў прычыніўся
Нашаму падзелу,
На кускі парваўшы
Маці роднай цела.
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.