РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гутарка аб кепскім гаспадару
Кепска, калі кепскі
Ўдасца гаспадар, –
Сам у сваім доме
Ніякі ўладар.
 
У яго парадак –
Адпусьці ты грэх:
I сабе на гора,
I людзям на сьмех.
 
*

Хата ў яго, хата –
Дзіркі на страсе,
3ь печы дым ня ў комін,
А пад столь нясе.
 
На курынай ножцы
Пуня і хлявок, –
Вецер ім салому
Закасаў набок.
 
Зруб у студні зьехаў,
Гразь цячэ ў ваду,
I асьвер, і вочап
Толькі на бяду...
 
А платы навокал –
Тын і частакол, –
Дзе гнілая жэрдка,
Дзе зламаны кол.
 
*

Чыста ў яго, чыста –
Лад вядзе стары;
Лому, гною кучы,
Хоць ты падбяры.
 
3 гноем пад нагамі
Граблі, вілы, крук,
Пад акном у лужы
Рыецца парсюк.
 
Рыцьвіны ды ямы
Па дзядзінцы скрозь,
Ажно, калі глянеш,
Разьбірае млось.
 
Сам ён непамыты
Лета і зіму, –
Дзедаў дзед ня мыўся,
Дык чаму ж яму?..
 
*

Статак яго, статак
Не знайсьці нідзе:
3 поля і на поле
Чуць ідзе-брыдзе.
 
Конь сьляпы, з ахватам,
Ходзіць абы-як,
Ёсьць адна карова,
I ў таей кільчак.
 
Кашаль свіньню душыць,
Ног ня ўзніме кныр,
«Матылі» ў авечак –
Круцяцца, як вір.
 
Вылезла ў ягняці
Воўна дачыста,
А цялё за хлевам
Ходзіць без хваста.
 
*

Праца ў яго, праца –
Мабыць, згультаеў:
Рана спаць кладзецца,
Позна ўстае.
 
Дзе там нейкі трактар,
Дзе там нават плуг:
Ён сахой, як прадзед,
Гоні верне ў круг.
 
Паарэ на ўзрэхі,
Куст расьце – расьці!
Церабіць ня варта,
Можна абысьці.
 
Бараны жалезнай
Не спанатрыў ён, –
Смыкам дапатопным
Ёрзае загон.
 
Сеяць жа як выйдзе
Гэты свой узрэх:
Дзе насыпе кучу,
А дзе голы плех...
 
Збожжа ў яго, збожжа –
Дзякуй ні за грош:
Неабходных дзёран,
Як абходных, больш.
 
Жыта паспляталі
Гірса ды званец.
У пшаніцы «сажа»,
Дурнап'ян-дурэц.
 
Вераб'ю авёсік
Толькі да калень.
Адно толькі вусьсе
Выпусьціў ячмень.
 
Бульба, як арэхі,
Па тры пад карчом,
Боб, гарох, капусту
Збэрсала сьвінчо.
 
*

Возіць з поля, возіць,
Што ня згноіў дождж, –
Не зьбярэ ўмалоту –
Каласы, як хвошч.
 
Малацьба надыдзе,
Бо патрэбен хлеб,
Нашто малатарня,
Балазе ё цэп.
 
Таксама на арфу
Не прыйшла пара, –
Веялкай навее
Кубялок дабра.
 
Млын хоць недалёка –
Не прывык яшчэ:
Зьмеле ў жорнах жыта,
У ступе круп стаўчэ.
 
*

Сядзе есьці, сядзе
За кульгавы стол,
Траяногі зэдаль
Чуць ня рыне ў дол.
 
Груца ды зацірка,
Цэд, цура, кісель,
Мілта, саладуха –
Амаль стравы ўсе.
 
Ані тэй закрасы,
Ані скваркі тэй,
Бульба з мундзірамі,
Хлеб нібы з пасей,
 
Бліны, верашчака –
На паўгода раз,
Нават чамяруха
Рэдка ў які час.
 
*

Едзе ў госьці, едзе –
Запрасіў камрад, –
На чым сьвет скаголіць
Кволы панарад.
 
Не падмазаў колаў,
Колы і скрыпяць,
Па вандолах скачуць
Ні ў дзесяць, ні ў пяць.
 
Загваздкі, атосы –
Па адной няма.
3 восі лезе шворан
Угару старчма.
 
Конь той клыпу-клыпу,
Сем гадзін – вярста;
Вонкі хамуціна
Прэцца з хамута.
 
Плеценая вобраць –
Адны матузы,
Галаву шмальцуе
Горш ад дзермязы.
 
Што ні крок – супоня
Рвецца, як аб пень,
I гужы з дугою
Злазяць з аглабель.
 
Падсядзёлак зьехаў
Аж пад бруха ўніз,
А чэрасьсядзельнік
Пад калёсы зьвіс.
 
Набадрыкі-зрыўкі
Шыты навырост,
Ляйчыну з вузламі
Конь злавіў пад хвост.
 
Замест нейкай пугі
Стусіна-дубец.
Але й той з двара ўжо
Сьсьцёбаны ўканец.
 
*

Едзе ў госьці, едзе...
Едзь жа ў добры час!
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Кепска, калі кепскі
Гаспадар хто з вас.
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.