РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Новая восень
Па-новаму восень палеткі
Абходзіць, глядзіць гаспадаркі...
Пайшлі аддыхаць пад паветкі,
Згуляўшы дажынкі, жнівяркі.
 
Закаўкалі каўкі на ўзвышшы,
Затрэсьліся лісьці ў гушчарні...
Цапы на сяле заглушыўшы,
Бушуе камбайн-малатарня.
 
Даўжэй цень кладзецца ад хатаў
Цяжаюцца пульхна папары...
Адборныя жыта зярняты
Саджае сяўнік у гэктары.
 
Віхор па кустах, па галінах
З усходу пагульвае сьвежы...
Дабром папаўняе спажыўным
Сячкарня сілосныя вежы.
 
У вырай сабраліся гусі,
I жораў азваўся пад небам...
Плывуць па шляхах Беларусі
Абозы чырвоныя з хлебам.
 
Асеньняе сонца спакойна
Ў прасторах нямых пахаджае...
Гуляе пад сьцягам чырвоным
Калгаснае сьвята ўраджаю.
 
1930
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.