РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Настане такая часіна
Я веру – настане
        такая часіна,
I руняй савецкай
        уквецяцца гоні,
 
Дзе Віслы, дзе Сены,
        дзе Тэмзы даліны,
Дзе праца людская
        сягоньня ў прыгоне.
 
Разьвеюцца ў попел
        кароны і троны,
Стэрлінгі і франкі,
        дукаты, даляры;
 
Мікадаў, прэлатаў
        банкіраў, баронаў
Захлынуць паўстаньняў
        народных пажары.
 
Рабочых грамады
        ў свае возьмуць рукі
Заводы і фабрыкі,
        шахты і домны,
 
Збудуюць палацы
        сабе і для ўнукаў,
Дзе радасьць і сонца
        загосьцяць векпомна.
 
Калгасны стальны плуг
        засыпле навекі
ў барозны-магілы
        паноў-феадалаў,
 
Каб сейбіт старанны
        ня гнуўся пад зьдзекам,
Каб сочная ніва
        буйней красавала.
 
Хрыстоў, магаметаў,
        еговаў і будаў,
Бажніцы, капліцы
        ўсіх вераў і нацый,
 
Як сьмецьце на сьвеце,
        як тухлыя груды,
Зьмяце дыктатура
        раскованай працы.
 
А белыя, жоўтыя,
        чорныя расы
Да мовы супольнай
        прачысьцяць дарогу...
 
Сунімуцца бітвы,
        загубяцца клясы,
Граніцы, заставы
        парве перамога.
 
Н'ю-Йоркі, Парыжы,
        і Вільні, Бэрліны,
Шанхаі, Варшавы,
        Жэневы, Такіі
 
Аздобяцца ў сьцягі
        чырвонасьці дзіўнай,
Што ў нас зіхацяцца –
        у сьцягі такія.
 
ГІад ленінскім сьцягам
        пралетарыята
Паўстане рваць путы –
        хто долі ня ведаў, –
 
Хто сохне бязь хлеба,
        хто гіне бяз хаты,
Хто корміць сваім
        мазалём дармаедаў.
 
Ад мораў паўночных
        да мораў паўдзённых
Уздымецца песьня
        свабодна і думна:
 
Хай праца пануе
        на вольных загонах,
Хай зоры іскрацца
        сусьветнай камуны.
 
Я веру – настане
        такая часіна,
I руняй савецкай
        уквецяцца гоні,
 
Дзе Віслы, дзе Сены,
        дзе Тэмзы даліны,
Дзе праца людская
        сягоньня ў прыгоне.
 
1932
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.