РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Суд ідзе

Браніславу Тарашкевічу

 

«О, сьмерць вам, панове, ксёнжэнта, магнаці,
За нашен неволен, кайданы!..»
Нядоўга, паны, ужо вам панаваці
Над краем, праз вас. катаваным.
 
Гібелі калісь вашы ў турмах пад царам
Паўстанцы, Славацкі, Міцкевіч –
Сягоньня пад Польшчай нявіннай ахвярай
Гібее ў турме Тарашкевіч.
 
Ня вам, царадворцам, чыніці расправу
Над тым, хто змагаўся за долю,
Засудзіць саміх вас народ неўзабаве,
Каб вашай ня ведаць няволі.
 
Вам страшна было за сваё панаваньне
Грамады рабоча-сялянскай,
I мсьціце, і мсьціце усім да скананьня,
Хто ласкі ня хоча знаць панскай.
 
Хаўтурныя вашы званы зыгмунтовы
Пакінуць граць вісельням песьні,
Ўстае з-пад ярма чалавек ужо новы,
Ідзе грозных бураў прадвесьне.
 
I вашыя катаргі, вісельні, турмы
Саміх жа вас песьціці будуць;
Ўжо граюць прызыўныя гулкія сурмы
На бітву супроць вас, прыблудаў.
 
Ідзе, набліжаецца помста народа
I вас, і суды вашы нішчыць,
Ідуць з сутарэньняў, з хат курных, з заводаў,
Каб волю здабыць, узьвялічыць.
 
Так вам, дармаедам, распасьвеным сыта
Працоўных крывёю і працай,
Магіла-грабніца навосьцеж адкрыта,
I вам ад яе не схавацца.
 
Гібелі калісь вашы ў турмах пад царам
Паўстанцы, Славацкі, Міцкевіч –
Сягоньня пад Польшчай нявіннай ахвярай
Гібее ў турме Тарашкевіч.

*


Нясіце ж, панове, нявольніцтва далей,
Вітае вас цень Мураўёва...
Калісьці ў Галіцыі вас пілавалі,
Цяпер папілуюць нанова.
 
Судзіце суды мураўёўскім законам
Над людам, загнаным у краты,
А выдасьць прысуд свой судзьдзя у чырвоным
На вас на саміх, цараняты.
 
Паходня з Усходу асьвеціць дарогі,
Шляхі за слупамі з арламі,
Даможыцца праўда сваёй перамогі
Над белым арлом і над вамі.
 
Пра вас не забудзе, паны, БССР
I песьні пакіне краіне,
Як мучыце нашых братоў вы цяпер,
Як ваша ўладарства загіне.

*


Зашуміць, загудзіць
        Завіруха,
Толькі думай, толькі ведай,
        Толькі слухай.
 
Мы будуем, мы пускаем
        Фабрыкі, заводы,
Поле трактар засявае,
        Садзім агароды.
 
Да нас госьці ў госьці едуць
        3 усёй кулі земскай,
I ўсе бачаць, што жывецца
        Нам зусім някепска.
 
Мы будуем, з будаўніцтва
        Робім сабе сьвята...
А там толькі, ў Польшчы толькі
        Ўсё купляюць катаў.
 
А здаецца ж кат на кату
        Ясьне-паны селі
I катуюць ад нядзелі
        Да новай нядзелі.
 
Над аграбленай краінай
        Зьвісла ночай хмара,
А паны ўсё разважаюць
        Аб дыме пажараў.
 
Пойдуць, пойдуць незадоўга
        Вашыя палацы,
Ды з такім пажарам-дымам,
        Толькі дзівавацца!
 
Ні жандары, ні салдаты,
        Вашыя ня ўстояць,
Як працоўныя грамады
        Зрухнуцца да бою.
 
Банкятуй сабе, Варшава,
        Банкятуй крывава,
Хай ліецца акавіта
        3 крывёю на славу!
 
Бельведэр дачэсны доўга
        Панаваць ня будзе –
У папелішча абернуць
        Паўстаўшыя людзі.
 
Зашуміць, загудзіць
        Завіруха,
Толькі думай, толькі ведай,
        Толькі слухай.

*


«О, сьмерць вам, панове, ксёнжэнта, магнаці,
За нашен неволен, кайданы!..»
Нядоўга, паны, ужо вам панаваці
Над краем, праз вас катаваным.
 
Гібелі калісь вашы ў турмах пад царам
Паўстанцы, Славацкі, Міцкевіч –
Сягоньня пад Польшчай нявіннай ахвярай
Гібее ў турме Тарашкевіч.

 
1932
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.