РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здаецца ж, было гэта ўчора...
Здаецца ж, было гэта ўчора, –
Як сёньня, шумелі бярозы, –
Калі на няплодных разорах
Кацілася гора і сьлёзы.
 
Аб цяжкіх начлегах напевы
Каціліся з краю да краю;
Былі неўраджайны засевы,
Было галаданьне ў звычаю.
 
Здаецца ж, было ўчора гэта, –
Плылі воды ў мора, як сёньня, –
Калі ты ня бачыў прасьвету,
Што збудзецца заўтра на гонях.
 
Стаяў перад будучым сьвечкай,
Якая згасае бязь сьледу;
Плыла сьлепата мутнай рэчкай
Да бацькі, да ўнука ад дзеда.
 
Было ж гэта ўчора, здаецца, –
Як сёньня, шумеў бор зялёны, –
Сабе не знаходзячы месца,
У процьму ішлі міліёны.
 
Ішлі. Ад крыві ныла цела,
Чакалі збаўленчага цуду:
Нядоля, няволя гудзела,
Адвечным гула перагудам.
 
*

Забурліла сіне мора
        Ад віхроў,
Выйшлі Волгі, Дняпры выйшлі
        3ь берагоў.
 
Разбудзіла мора сьпячых –
        Уставай!
Вазьмі свой ад ліхадзеяў
        Каравай!
 
Цячы, кроў, жывой крыніцай
        Па зямлі,
Каб па-людску дзеці, ўнукі
        Жыць маглі!
 
Вее, вее ўсходні вецер,
        Вее ў даль,
Векавечнае пракляцьце
        Біць ня жаль.
 
I разьбілі пераможнай
        Барацьбой.
Байцы сёньня ўспамінаюць
        Быўшы бой.
 
Загасьціла прасьвятленьне
        I цьвіце,
Няма думак аб нядолі,
        Аб кнуце.
 
Зашумелі над ракою
        Трысьнягі,
Аквяціла ясна зелень
        Берагі.
 
Па сялібах непрабудны
        Згінуў сон,
Прад вачыма шлях у сонцы
        Новых дзён.
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.