РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Старыя акопы
Удоўж Дняпра ляглі яны – акопы,
Заросшыя травой акопы, бліндажы,
Дзе як бы йшчэ сьмярдзіць людскою ропай,
Мінулых бітваў усплываюць міражы.
 
За рабаўласьнікаў, за патрыярхаў,
За царадворцаў, за банкіраў, за цароў
Лілася кроў людзей, скаваных жахам,
Пад музыку гармат, званоў лілася кроў.
 
Закрыеш вочы, і здаецца, вочы
Перад сабою бачаць трупы-касьцякі,
Здаецца, вушы чуюць, як скрыгочуць
Прадсьмертным скрогатам ваякі, ланцугі.
 
Ой вы, мае акопы з бліндажамі!
Агідна робіцца на сэрцы і душы,
Што там – за пагранічнымі слупамі –
За войнаў будучых п'юць подла барышы.
 
Што там яны – сапегі, радзівілы,
Разгром забыўшы ля дняпровых вод,
Свае ў Расеі сьвежыя магілы,
Крычаць віваты за паход на Ўсход!
 
Што гітлеры і герынгі з Бэрліна,
Культуру нішчачы, што кінулі вякі,
I ў божышча узьвёўшы гільятыну,
На край савецкі точаць шаблі і штыкі.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Плыве Дняпро, плыты плывуць памалу...
– Спакойна сьпіце вы, акопы, бліндажы:
На іхніх землях зь іхніх генэралаў
Зьнімаць пагоны будзем, шаблі і крыжы.
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.