РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дарогі
Дарогі вы шасейныя,
Шчасьлівыя дарогі,
Істужкамі паслаліся
На нашыя разлогі.
 
Праз поле ураджайнае,
Тарфяныя балоты,
Праз пушчы векавечныя
Ляглі вы пазалотай.
 
Ніколі вы ня дрэмлеце,
Ад ранка і да ранка
Па вас машына коціцца
I конная фурманка.
 
I пешаходам весела –
Малодшы ён ці старшы,
Байцы Чырвонай Арміі
Ідуць паходным маршам.
 
Грузавікі з таварамі
Бягуць ва ўсе староны,
Зь лістамі віншавальнымі
Шнуруюць паштальёны.
 
Злучылі з гулкім горадам
Спакойныя разлогі,
Дарогі вы шасейныя,
Шчасьлівыя дарогі.
 
Зь бяспуцьця непраходнага,
З калдобін-катлавінаў
Ты выйшла, ардэнаносная,
На роўны шлях, краіна.
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.