РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Орша
Яна не блішчыць красою,
А ў сэрца навек запала
З паркам сваім змарнелым,
З сваёй Кабыляцкай гарой,
Зь лянівай сястрой Аршыцай,
Што летам бруіцца памалу
Ў шырокі, як песьня наша,
Магутны, сівы Дняпро.
 
Хаткі, што да абрыву,
Як ластавак гнёзды, туляцца –
Родныя і дарагія,
Як поціск сяброўскай рукі;
Брук, размыты дажджамі,
Пыльныя ўскраін вуліцы,
Куродым на сьценах будынкаў,
Дальнія цягнікі.
 
Далёка яна ад мяне,
Адзіная і дарагая,
Ў чорных істужках чыгунак,
Што ўсю яе абвілі,
З народам сваім, што у бітвах
Ніколі не памірае:
Заслонава слава звоніць
На ўсіх перагонах зямлі.
 
Калісьці... Было і такое...
Хацелі пазбавіць крыльляў...
Быдлам нас называлі,
А ўсё ж такі мы былі
Нязломнымі ў чорнай бядоце,
Гордымі і ў бязьсільлі,
Бо род наш быў пралетарскі,
А рукі – у чорным вуглі.
 
Мы паціскалі плячыма,
Калі нам з пагардай казалі,
Жадаючы ў час вясёлы
Рабочы наш род абсьмяяць:
«Знаёмяцца ў вас на вапне,
На вапне вы нараджаліся,
Вапна усіх вас карміла,
У вапне вам і ляжаць».
 
Паслухайце: наш ён, наш горад,
Няхай і суровы часам, –
Працоўнае гордае права
Здабыў у цяжкой барацьбе,
Гэта наш родны горад,
Яму не патрэбны прыкрасы,
Ён сам для сябе прыкраса
I гордасьць – сам для сябе.
 
Мы цягнікі вадзілі,
Палотны на фабрыках ткалі,
Лес магутны валілі
I ўмелі плавіць метал,
У цёмных каменяломнях
Белы вапняк ламалі,
Гліну і торф здабывалі, –
Гарачы у нас запал!
 
Як толькі цёмнаю ноччу
Вочы свае закрываю,
Адразу я Оршу бачу
Зь яе няяркай красой,
Зь бярозамі над Аршыцай,
Зь вясёлым сонейкам мая,
З блакітам першых пралесак
У косах каханай маёй.
 
Тут нарадзіліся думкі,
Воля, імкненьні, жаданьні,
Тут стаў я сынам краіны,
Абпален яе агнём...
Таму і люблю я Оршу
Першым вялікім каханьнем,
Якое ня зьнікне, пэўна,
Нават з маім жыцьцём.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.