РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нашаму сьвяту
Расчыні шырока дзьверы,
        Мілая старонка,
Выйдзі стрэнуць свой Кастрычнік
        Песьняй гулкай, звонкай!
 
Сьвята нашай гадавіны,
        Хоць і ўвосень сьвята,
Сьвеціць вечнаю вясною
        Нашым гоням, хатам.
 
Гэй вы, хлопцы, гэй, дзяўчаты,
        Камсамол шчасьлівы,
Сыпце кветкі, сыпце радасьць
        Нашым сёлам, нівам!
 
Перад намі ў сонцы, ў зорах
        Будучыня наша,
Кожны дзень сягоньня лепшы,
        Як быў учарайшы.
 
Наша праца ня йдзе марна
        Ў полі, на заводзе, –
Аб здабытках, дасягненьнях
        Слава ходам ходзіць.
 
Мы ня марамі сягаем
        Высака пад неба, –
Самалёты – нашы птахі, –
        Даль вышынь цярэбяць.
 
Мы ня пекла дасягаем
        У зямлі глыбінах,
А багацьце здабываюць
        Нашыя машыны.
 
Нашы межы не баяцца
        Здрадніцкіх напасьцяў;
Мы – сяўцы для чалавецтва
        Яснай праўды, шчасьця.
 
Нашых песень, сьветлых думак
        Нішто не зацемрыць –
Ні наганы, ні кайданы
        Фашыстоўскай хеўры.
 
Мы ідзём у сонцы з сонцам
        Маладым паходам.
Слава бацькаўшчыне нашай
        I яе народам!
 
Слава сокалу, што родам
        З-пад каўказскіх скалаў,
Што з Крамля праменьні сее
        Зь юнацкім запалам!
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.