РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Камсамолу
Гэй ты, моладзь, наша зьмена,
Камсамольцы, камсамолкі,
Як жа сьветла, як адменна
Сьвеціш колерам вясёлкі!
 
Маладой юнацкай славай,
Ці то ўзімку, ці то летам,
Нібы сонца, цуднай зьявай
Прамянееш ты ў сусьветах.
 
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай зь сяўбы багаты,
Камсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
 
*

Хто наперадзе са сьцягам,
На якім красуе Сталін,
Пакарыў сваёй адвагай
Неразгаданыя далі?
 
Хто найшчыршыя парывы
Сваіх думак, свайго сэрца
Аддае савецкім нівам,
Дрогнуць сьветам з сэрцам рвецца?
 
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай зь сяўбы багаты,
Камсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
 
*

Ці то сушы, ці то моры,
Ці то высі паднябесься,
Ўсюды стрэнеш непакораў –
Камсамольцаў нашых зь песьняй.
 
Хай там бура, завіруха,
Хай пурга сапе і плача,
Стуль тваё пачуе вуха
Камсамольскі гарт юначы.
 
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай зь сяўбы багаты,
Камсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
 
*

Чыя кірка ў падзямельлі
Першай пласт вугля цярэбіць
I чый трактар першым сьцеле
Скібы на калгаснай глебе?
 
Чые звоняць звонка косы
На мурожнай сенажаці?
Хто йдзе першым у пракосах,
Што і ветру не дагнаці?
 
Глыбей, далей, у прасторы
Па ўраджай зь сяўбы багаты,
Камсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
 
*

Глянь, карабль плыве дасужна,
Дыміць комін параходны, –
Камсамольцы сям'ёй дружнай
Рэжуць хвалі ў шляху водным.
 
Ніпачым ім рыфы, скалы,
Ані сьмерчы, ні бураны, –
З маладым плывуць запалам
Цераз моры-акіяны.
 
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай зь сяўбы багаты,
Камсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
 
*

Глянь у неба, ў стратасфэру,
Дзе сягнуць ня можа й вока, –
Камсамолец неба мерыць,
Сячэ крыльлем вал аблокаў.
 
З самалётам днём і ночай
Мігаціцца ў безграніччы,
Днём сьмяецца сонцу ў вочы,
Ночкай зорнай зоры ліча.
 
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай зь сяўбы багаты,
Камсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
 
*

На фарпостах, на граніцах
Безгранічных нашых зямляў
З карабінам ля стражніцаў
Камсамолец не задрэмле.
 
Зь ім нь жарты, зь ім ня гулі, –
Сьцеражыся, подлы вораг!
Яго метка цэліць куля, –
Зьмеле злыдзеня на порах.
 
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай зь сяўбы багаты,
Камсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
 
*

Я шчасьлівы, што я разам
Пяю песьні з камсамолам,
Пяем песьні складным сказам –
Ажно рэхі йдуць наўкола.
 
Родзіць буйна наша поле,
Сады нашы, агароды,
Гудуць гулка з добрай волі
Нашы фабрыкі, заводы.
 
Далей, вышай, у прасторы
Па ўраджай зь сяўбы багаты,
Камсамольцы-вярнігоры,
Сталінскія арляняты!
 
[1936]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.