РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Іспанія будзе свабоднай
Зараза ў Севіллі, ў Грэнадзе,
На трупы плююць генэралы,
Іспанія корчыцца ў здрадзе,
Бушуе фашыстаў навала.
 
Шалее разгул інтэрвентаў,
Зладзейскія цягнуцца лапы,
Рэспубліку, волю дашчэнту
Утрупіць мяркуюць сатрапы.
 
Італія шле самалёты, –
Хай гінуць іспанцы, іспанкі,
Германія шле кулямёты,
Падводныя лодкі і танкі.
 
У Лондане лорды плімуты
Разводзяць свае працэдуры,
Сьмяюцца з народнай пакуты,
Спраўляюць народу хаўтуры.
 
Лунае крывавае сонца,
Крывёй абліліся загоны.
Да бою ўстаюць каталонцы,
Стальныя ідуць батальёны.
 
Выходзяць з Астурыі горнай
У бой гарнякі за свабоду.
Народ не падставіць пакорна
Сваіх плеч фашысцкаму зброду.
 
А рэжа і дзетак, і матак
Мяцежнікаў чорная зграя.
О, сьмерць вам, бандыты і каты,
Магілы вам помста капае!
 
Гатовы Мадрыд к абароне
За шчасьце, за ясную долю.
Рэспубліка ў горы сягоньня,
Рэспубліка выйдзе на волю!
 
Зьмяце інтэрвентаў навалу,
Зьмяце мецяжы гнеў народны;
Расквецяцца долы і скалы,
Іспанія будзе свабоднай!
 
1936
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.