РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мала іх павесіць...

Да працэса над бандай
трацкістаў-дыверсантаў


 
Мала іх павесіць
На сухой асіне,
Бо нават асіна
Ад сябе адкіне.
 
Дзерава адкіне,
Дзерава сухое
Сябе не спаганіць
Поскудзьдзю такою.
 
Прадавалі немцу,
Немцу ды японцу
Нашую радзіму,
Долі нашай сонца.
 
Пятакоў і Радэк,
Троцкі – ўся арава –
Хлёбалі, зладзюгі,
3 адной міскі страву.
 
Страву, што ім Гітлер
Варыў смачна, ласа,
Страву, што мікада
Запраўляў закрасай.
 
Гандляры айчынай
Па чужым заказу...
Вынішчыць дашчэнту
Гэтую заразу!
 
*

Ураздроб, агулам
Намі гандлявалі –
Па цане даступнай,
Па цане крывавай.
 
Дынаміт і порах
Запускалі ў дзела, –
На шматкі хай рвецца
Народнае цела!
 
Плача горка ўдоўка,
Плача горка маці
Па забітым мужу,
Спаленым дзіцяці.
 
Сьпіце вы, нявінна
Згінуўшы, афяры!
Пакараем катаў
Самай лютай карай!
 
*

Пятакоў і Троцкі,
Муралаў і Радэк
Пакінуць хацелі
Царскі нам парадак.
 
Ня вам, інтэрвенты,
Шпегі, дыверсанты,
На прыстані нашы
Выпускаць дэсанты.
 
Ня вам край савецкі
Зьнішчыць, крывапіўцы...
У нашых чэкістаў
Зоркія зраніцы!
 
*

Шастоў, Ліўшыц, Радэк,
Пятакоў, Муралаў, –
Растаптаць, як гнідаў,
Вас, звяр'ё, замала!
 
Нахай жа ў зямлі вам
Ня будзе спагады
За ваша зладзейства,
За вашыя здрады.
 
Хай калом магіла
Для вас, злыдні, будзе,
Каб гэтай магілы
Цураліся людзі!
 
Каб гукалі совы
Па-над вамі, псамі,
Косьці расьцягалі
Груганы з ваўкамі!
 
*

Чуй, народ савецкі,
Чуй, мая радзіма!
Сваёй долі, волі,
Чуй, не аддадзім мы!
 
Будзеш векі жыці,
Зямелька Саветаў,
На радасьць, на шчасьце
Працоўнаму сьвету.
 
Ворагаў зьніштожыш,
Хатніх і замежных,
Сонцам апранешся,
Як табе належна.
 
Мы ідзем наперад
Пераможна, ў сонцы...
Глядзіць яно ярка
Ў нашыя аконцы.
 
Засяваць мы самі
Будзем нашы нівы,
Зьбіраць самі будзем
Ураджай шчасьлівы.
 
Хай пад сонцам знаюць
Чым мы сёньня сталі...
Мы падставім грудзі
За цябе, наш Сталін!
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.