РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На тэму крытыкі і самакрытыкі
У век наш крытыкі сур'ёзнай
I самакрытык агнявых
Мы падыходзім вельмі грозна
Не да сябе, а да другіх.
 
Пылінку бачым у суседа,
Ды што? – ў яго іх не адна!
А ў сваім воку, даўнім сьледам,
Не заўважаем бервяна.
 
Бязь лішніх захадаў, ухмылак
У канкурэнта на вынос
Мы столькі вылічым памылак, –
Таму хоць рэжся, як з пагроз.
 
Самабічуемся ж часамі,
Але зьлягка – гады ў рады,
Ды ўсё больш хвалім сябе самі,
Другіх бічуем заўсяды.
 
Куды ім лезьці да Парнаса? –
Дзе тыцьнеш – хіба ці захіл...
Ах, падпякаем смачна, ласа
Таго, хто нам чамусь ня міл!
 
Вось я – пясьняр, я – літаратар,
Я толькі песьняй твару цуд,
А ён... агіткі агітатар,
Насьценгазэтчык, і ўсё тут...
 
Пазбыцца рапаўскіх заскокаў
Мы не наўчыліся як сьлед
I часта судзім аднабока
Другіх, саміх, падзеі, сьвет.
 
*

А крытыкі?.. Майстры з разборам, –
Ня ўзьнімуць воч вышэй халяў;
З гразёй зьмяшае, што йшчэ ўчора
Так падхалімна выхваляў.
 
Не азірнуўся – ўлез у нерат,
Тандэтны разваліўся мост,
Глядзіць, мычыць, ні ўзад ні ўперад,
Управа, ўлева круціць хвост.
 
Глядзіць. I што? За розум розум
Заскочыў туга, неўпапад.
Чаго ж ня ўцяміць і цьвярозым
Напіша – й сам сьмяецца, рад.
 
О, крытык, грызапёр мой бедны!
Чытач, яго ты пажалей:
Ня месьціць, брат, яго лоб медны
Ні прынцыпаў тых, ні ідэй.
 
Як баба на куцьцю, варожыць,
Аб кім, аб чым, што, як сказаць,
Каб сам сябе не растрывожыць
I ўгнаць другога ў рай ці ў гаць.
 
*

Мы дукі, гранды, інжынеры
Складаных чалавечых душ.
Якой жа мерым душы мерай,
Чаму ў пісаньні ціш ды глуш?
 
Зірнеш. Брыдзе сабе фігура:
Мо ён чарняў, мо белабрыс...
Згадай, што гэта за натура? –
У снах аб почасьцях закіс.
 
Нічога ж слаўнага ня даўшы
Сваёй краіне, грамадзе –
У гонар лезе, грозна страша
Курэй на цётчынай градзе.
 
*

Мы інжынеры... А ня ўмеем
Рамантаваць сваіх жа душ, –
Дзе цьвік загонім, дзе падклеім,
I во іграй, музыка, туш!

Іграй мне славу! Пішу вершы,
Раманы, драмы і сцэнар.
А ці падумаў лепшы-першы,
Як прыме гэта гаспадар?
 
Той гаспадар, што сее зёрны,
Што косіць, жне, дае нам хлеб,
Што сталь гартуе ў кузьні горнах,
Што раскаваў цямніцы склеп.
 
О так, мае вы – для паказу –
Празаікі і песьняры!
Народ пакліча да адказу, –
Ваду жбан носіць да пары.
 
На службу вам зямля і неба
Даны, – адно пішы з душы.
Якога ж чорта йшчэ вам трэба?
Якой чакаеце імшы?!
 
Ня сьпяць шляхі, жыцьцё ня дрэме,
Шасьціць над рэчкай ясакор.
Нам сонца кажа, хто мы, дзе мы,
Іскрыцца ў зорах кругазор.
 
Дні йдуць вялікай гадавіны,
А мы йшчэ зь места ані руш,
Мы – інжынеры у галінах
Складаных чалавечых душ.
 
Ідуць па сьвеце гулы, шумы, –
Заснуць няма каму калі, –
Ідуць і твораць песьні-думы,
Красу і радасьць на зямлі.
 
Цьвітуць пад нашым небам вёсны,
Сьпявае збуджаны разлог.
Жыцьцё шаўковыя тчэ кросны
Шчасьлівай долі й перамог.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.