РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сват
З апавяданьня старога дзецюка

Ня зьведаўшы броду, 
Ня сунься  ў воду.           
#Прыказка

 
      – Гэй, лінь там у чарку! Вы ж ціха быць, хлопцы!
Ты, Ганька, агню мне нашчупай у копцы.
Як лыкну, як пыкну, дый збаю ў прыпеўцы,
Як быў я малодшым, як сватаўся к дзеўцы. –
Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка,
Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.
 
      – Зімой было гэта, – гаворыць ён далей, –
Дзянькі мясаеду прыйшлі, загулялі,
I ўсё загуляла: дзень будні – нядзеляй, –
Няма таго дня – вечарынкі, вясельлі.
Папіў той гарэлку, той едзе у сваты;
Бяз госьця, бяз чаркі ня знойдзеш той хаты.
 
      Глядзеў я, глядзеў я, – дый вытрымаць трудна, –
А быў я натуры ня вельмі маруднай.
Сюд-тут – і гатова: ўжо еду са сватам, –
Памёр (пакой вечны!) – ўсе звалі Кандратам, –
Знаў добра, як што, да чаго ў такім разе,
Па слова ніколі ў кішэню ня лазіў.
 
      З сабой у дарогу гарэлкі набралі, –
Шынок быў пад Гайнай, шынкар зваўся Гдаляй, –
Конь добры быў сватні, званок прычапілі,
З бутэлькі пацягнем – што значаць там мілі!..
Эх, чаркі вы, чаркі, хто з вамі задрэме? –
Бяда – не бяда, акіян па калені!
 
      – Гэй, крыкну, кіруй, сват! – Конь прэ ва ўсе ногі,
Хоць дзеўкі ня знаў я, а сват к ёй дарогі. –
Кіруй, сват! – Мінаем даліны і горы;
Ноч ясна, марозна – і месяц, і зоры.
Званок заліваецца, сьвішча палозьзе,
Сьнег скача, конь пырхне, – тры пляшкі у возе!..
 
      Ляцім... Вось прыехалі, вылезьлі з санак;
Сабака брахнуў, і хтось выйшаў на ганак.
– А хто там? – так чуем. – Свае, кажам, людзі.
– Дык проша ж у хату! – Сват нешта марудзе.
Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына пылае.
Я толькі гляджу, дзе мая маладая.
 
      З парога сказалі, як сьлед: «...пахвалёны!»
– Навекі! – сказаў гаспадар на паклоны
I просіць садзіцца. Мы селі на лаве.
Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе?
Ня быўшы ў такіх пераплясах ніколі,
Сам неяк ня свой ды баюсь мімаволі.
 
      Дасталі тытун, затуманілі люлькі, –
Капшук мой быў слаўны, – дастаў ад бабулькі, –
I, як бы нідзе ні аб чым і ня дбаем,
З пустога ў парожняе пераліваем:
Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя,
Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія.
 
      Прайшло з паўгадзіны. Тут сват азірнуўся,
Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся
I гутарку аб інтарэсе заводзіць.
– Пачну, кажа, проста: круціць нам ня ўходзіць.
Прыехалі к вам мы тавар аглядаці;
Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце!
 
      (Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце
Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце.)
 
      Тут наш гаспадар, як ні ў чым не бывала,
Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла.
– Эх, лоўкая шэльма, і ўсё есьць ахвотне!
Няма ў бягу лепшай. Аддам за паўсотні.
Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоньня,
Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні.
 
      Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла!
Куды тут нячыстая свата занесла?
А ён (пакой вечны!), ня сьцяміўшы рэчы:
– Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча!
Хлапец і ня бедны, і добрай натуры,
Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў... –
 
      Я лыпнуў вачыма. Тут зноў неспадзеўкі:
– Даруйце васпанства: няма ў мяне дзеўкі!
Ўсіх баб – мая баба дый гэтая кляча,
Ніхто ў мяне больш іх ня чуў і ня бачыў!
Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе,
Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!..
 
      Як выйшаў я з хаты, як селі мы ў сані,
Як ехаў я з сватам, - хваліў як ці ганіў, -
Вы сьмейдеся самі ці лайце ад ведзем;
Мы з сватам тым часам к другой дзеўцы едзем.
Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка,
Ні ў чым не адступіць, хоць шло б ня ўсё гладка.
 
      Прыехалі. Зноў гэтаксама сустрэлі.
Сват мой падбадрыўся, мяне больш асьмеліў.
Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну,
Хоць дзеўка, сказаць, – адпусьці, Божа, віны!..
Сват гэтага толькі ня цяміць нічога:
Яму ўсюды проста, як з моста дарога.
 
      Гарэлка ізноў на стале загасьціла,
Пайшло дзела ладам; бяседа – аж міла.
Дзяўчыну ўжо маем, – што болей нам трэба?
Дый буталь гарэлкі – к ёй хлеб і да хлеба.
Ўсе гэта ня кепска – па першай няўдачы,
Аж з радасьці сват мой чуць-чуць не заплача!..
 
      А я паглядаю к дзяўчыне з-за пляшкі, –
Па целе так проста і скачуць мурашкі!
Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак...
Тут быў для мяне не канец неспадзевак!
Ня даў, знаць, Бог шчасьця мне ночкаю гэтай,
Ці мо’ пад такою радзіўся планэтай...
 
      Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць;
Сват асалавеў мой, зрабіўся – як вехаць.
Ідзём... Бач, за печай сядзіць дзяцей двое:
Адно – хлапчанё, а дзяўчынка – другое.
– Чые, – спытаў, – гэта? – Аж дзеўка з куточка
– Мае, мой ты мілы, сыночак і дочка...
 
      Што ж болей? Эх, болей... падлі там сівухі! –
Ну і наварыў жа мне сват саладухі!
Прайшло з таго часу год дваццаць бяз мала,
На сьвет многа што прыбывала, ўбывала;
Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны,
Мне толькі на жонку ня стала дзяўчыны...
 
      Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота,
Прапала адвага, адпала ахвота...
Так байку закончыў сваю нам Міхалка –
Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка.
Я слухаў, сьпісаў тут і вам ахвярую, –
Ану ж прыйдзе к смаку, тады дам другую.
 
[1908]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.