Дзень яшчэ дагарэць не пасьпеў,
як пад гольлямі, ценем гарбатым,
прыйшоў вечар і ціхенька сеў
на парозе забытае хаты.
Быццам старац, які занямог,
і яму замест лустачкаў хлеба
пакаціліся зоры да ног
зь бесканечна ласкавага неба.
Дзіўнай казкай прайшла маладосьць
і жыцьцё па цярнёвай дарозе,
і я сёньня як быццам бы госьць
на забытым на родным парозе.
Мо’ таму, што лягла на мурог
бурым насьцілам цемень густая,
мо’ таму, што у ціхіх дзьвярох
роднай хаты ніхто не вітае.