Вецер да Нёмнавай сіні прыпаў,
вод люстра у дробязі крышыць,
спакойныя хвалі разгойдаў, узьняў
і ціха калыша, калыша.
Сьмела пасталі на бераг дубы,
шуміць і сасна, і альшыньнік,
быццам купаюць густыя чубы
ў разгойданай нёманскай сіні.
Зь сецямі дружна ідуць рыбакі,
шуміць ім насустрач дуброва...
I вучацца хлопцы ад дрэваў стрункіх
ня гнуць над вятрамі галоваў.