Ці помніш ты, Ганна,
Шчасьлівы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?
А Нёман спакойна,
Спакойна дрыжаў,
I месячык ясны
На нас пазіраў.
Драў горла у лозах
За рэчкаю драч,
I грукаў у сьцену
Рагамі маркач.
На жэрдзе мы селі
У мроку маўчком,
I я прытуліўся
К табе плечуком.
Язык мне адняўся,
Я сьліну глытаў.
А потым нясьмела
Цябе запытаў:
– Скажы мне, Ганулька,
Ці любіш мяне?
– Люблю, – ты сказала, –
Аж сэрца мне схне!
I лапці з-за сьпіны
Мае ты зьняла,
Анучы у Нёман
Ты мыць панясла.
Ганулька, Ганулька!
Павер, зразумей –
Я ў сьвеце не бачыў
Каханьня шчырэй!
На вуліцы Мурза
Яхімаў брахаў,
I стражнік пасьвістваў,
Нагайкай махаў.
Я ж быў шчасьлівейшы
На сьвеце батрак,
Ішоў, не баяўся
«Шнуроў» і сабак.
Ці помніш ты, Ганна,
Той сьветлы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?