Чорным узорам на дрэвах бязьлістых
воранаў зграя вянкамі лягла.
Гракаюць, гракаюць раньнем імглістым
чорную песьню над цішай сяла.
Птахам лістоты шкада сакавітай,
ветрам сарванай зь вясёлых галін,
коласа ў полі, забытага, жытняга,
што галаву на камень схіліў.
Можа, праводзяць?
А можа, вітаюць
хмары са сьнегам, з марозам вятры?
Кружацца, кружацца – не адлятаюць...
Чорная графіка сумнай пары.