Неўзнакі, неўзаметкі –
Хоць сам скажу сабе –
Пасохлі мае кветкі,
Канец маёй сяўбе.
Штодзень я адчуваю
Ўсясільны той закон,
Што цягне к долу-гаю
У вечны цень-палон.
Ну што ж? Пажыў, пабродзіў,
Дарог прамераў шмат.
Стаміўся ты ў паходзе –
Спачынь жа ў зямлі, брат!
I сам я не пабачу,
Як згасьне мой агонь.
Дык што ж? Хіба паплачу,
Падпёршы ціха скронь.
Мяне ў жывых не стане,
Сыду я ў небыцьцё,
Ды вечна будзе раньне,
I песьні, і жыцьцё.