Васілю Быкаву
Непаседа,
даўгацыбы бусел –
Даўняе вясны
забыты сон.
...Я злавіць яго
за хвост цягнуся,
Дражніцца
і уцякае ён.
От, здаецца,
ушчамлю пад паху
(Лугавінаю
Р±СЏРіСѓ
наўпрост).
Нада мною –
крылы белым дахам,
А перад мною –
чорны хвост...
Змораны, я доўга плачу потым.
Суцяшаць
стараюцца усе:
– Бусел ходзіць
у чырвоных ботах
I табе
такія ж
прынясе...
Горбіць плечы гора,
горбіць праца.
Усяго спаўна
мне лёс паслаў...
Вось ужо і скроні сэрабрацца.
Ды яшчэ й цяпер
лаўлю бусла.
Ну, на гэты раз
вярнуся з птахам –
Я ж за ім прайшоў
багата вёрст!
Нада мною – крылы белым дахам.
Паспрабуй
злаві
бусла за хвост...