Ад жонкі першай –
Паўдурак сын,
Зь ім залатарылі па суботах.
У нядзелю, бывала,
Вясельны ўспамін
Раскашаваўся ў юхтовых ботах.
Ні калёс, ні камаш,
Дык і дзёгаць ня важ.
Ня ў нораў ганак
Шчасьлівай падкоўцы.
Зьбіраешся, як Ярмош на кірмаш, –
Зь недалуг пацьвельваліся местачкоўцы.
Прозьвішча не насіць,
РЇРє СЏСЂРјРѕ Р¶.
Ня ўсім качацца,
Як нырцы ў сале.
– Ярмош, гаворыце,
Што за Ярмош?
Васілёк –
Так адразу б сказалі.
Васілёк цьвіў
На каўняры бальшака
Кужэльна-крамнай кашулі мястэчка.
Ня ела вочы
Грошай машка,
Ня часта у кубле ляпала вечка.
Кіпелі грэшнікамі ў смале
Клапотныя думкі
Зь зімы да лета.
Дзяцей як бобу,
I хлеб на стале
Быў свой
Якраз да бабовага цьвету.
Было ня цесна ў хляве лычу.
А ліпу ў двары ўпадабала бусьліха.
– Скульле ў бок багачу,
Свой сноп малачу, –
Гразілася восеньню Васіліха.
Зь віна зеляна
У застольлі
Запяе яна,
Як застогне:
– Танцуй, Васіліха,
Прыйдзіць Васіль –
Будзіць ліха.
Васіліха Васіля
Качалкаю зацяла!
Душа,
Сама сябе весялі!
Ставала лыжак,
Быў крыку лішак.
Адно што вочы,
Як васілі,
Цьвілі ва ўсіх Васілішак.
Дочкі дынастыю
Ушчэнт зьвялі:
Любка ды Наста,
Вольга ды Нінка.
Нарадзіцца мелася Надзька калі,
У Васілька й галава панікла.
Пад сэрцам цяжар,
Як жарства, залёг.
Прасіла жонка,
Яшчэ не старая:
– Пабабіць па бабку схадзі,
Васілёк.
Кошачак і тых разьбіраюць.
Як у ваду глядзела яна.
На помач ліха прыклымаць рада.
Васількоў
Забрала вайна,
Разабрала Васілішак блакада.
Мала было равоў і канаў,
Каб трупы схаваць
З усяго раёна.
Іваца-блазна,
Што статак гнаў,
Немцы застрэлілі як шпіёна.
Капаць акопы
Пайшоў Васілёк,
А для сябе ня вырыў магілы.
У Васіліхі дахаты здалёк
Толькі вярнуцца
Хапіла сілы.
Сам Бог падабрэлы,
Няйначай, зьбярог
Васількова семя,
Бо ўсе Васілішкі
З тыфозных баракаў,
Зь цяжкіх дарог,
Зь Нямеччыны
Дадому ўзяліся.
Перацярпеўшы і стыль, і цьвіль,
Стаіўшы ў позірку
Жаль і сумінкі,
На падаконьніку
Цьвіў базыль
I чульлівыя бальзамінкі.
Самотнее двор –
Аглухлы бабыль.
Ані бабовага цьвету,
Ні маку.
Жыве толькі прыказка:
Хорша, базыль,
Не рассыпай табаку!