Багачы і панства,
Нашы «дабрадзеі»!
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!
I на грозных межах
Часаў пераходных
Сьмела вас пытаем,
Прагных і нягодных:
«Чыімі рукамі
Вы дабро зьбіралі?
На чые вы сьлёзы
Дабрабыт куплялі?
I за што, скажэце,
Палкамі нас білі,
Секлі-катавалі,
Голадам марылі?
Ласкаю ж чыёю
I з чые вы працы
Замкі збудавалі,
Пышныя палацы?
Ўсё ад нас забралі,
А што нам далі вы?
Чые нудна ў полі
Так марнеюць нівы?
Вузенькаю ніцьцю
Чые йдуць палоскі?
У чыім то жыце
Многа так бярозкі?
Каму адвялі вы
Пусташы, каменьне?
Хто з свайго засеву
Не зьбярэ насеньня?
Чые гумны, хаты
Гнуцца сіратою?
Чые сьлёзы льюцца
Кожнаю парою?
I чыя скацінка
Сохне ў пустым полі?
I як гаспадар той
Гіне у няволі?
Чыя песьня-скарга
Ў неба йдізе дакорам,
К месяцу, і сонцу,
I к далёкім зорам?»
Багачы, і панства,
I ўсе вы брадзягі!
Ўбок з дарогі, каты!
Бойцеся сярмягі!
Ўжо даўно вяроўкі
Вас, паны, чакаюць,
I па вас асіны
Сьлёзы праліваюць.