Добра ў лузе ў час палудны!
Лёгка там дыхнуць!
Хмаркі белыя марудна
За лясы плывуць.
Ветрык краскі чуць калыша,
Травы шалясьцяць,
Луг зялёны жыцьцем дыша –
Конікі трашчаць.
Ў лозах шчэбет не сьціхае,
Шум стаіць і сьвіст,
Ў яркім бляску спачывае
На ракіце ліст.
Сьпевам-гоманам і звонам
Поўніцца ўвесь луг,
I дрыжыць над ім, зялёным,
Жыватворчы дух.