Не крычы пан: «Прэч з дарогі!»
Што з таго, што я мужык?
А ўжо гнуцца, як убогі,
І я, бачыш ты, адвык.
Не адзін ты гонар маеш,
І ў мяне ён трохі ёсьць;
Дык дарма ты, пан, гукаеш –
Я табе больш не «псякосьць».
Мы калісь былі ня тыя,
Панавалі тады вы,
А цяпер гадкі другія –
Спаў ланцуг той векавы,
На якім вы нас трымалі.
Ведай гэта і ня злуй:
Мы вас доўга «шанавалі»,
Цяпер ты нас пашануй.