Шмат напісаць мне аб чым трэба,
Душа ж мая жыве адным:
Схавала радасьць маю глеба
Пад ціхім крыжам дзервяным.
І дзе знайсьці мне тыя словы,
Каб выказаць жальбу маю!
Мне нестае душы паловы,
Свой боль я ў сэрцы затаю.
І буду думаць у тым болю,
Сум абымаючы наўкруг,
Што я ня ўбачу больш ніколі
Цябе, мой лепшы ў сьвеце друг!
Было б лягчэй мне, каб я ведаў,
Што жаль мой дойдзе да цябе,
Але ня знойдзе к табе сьледу
Мая туга нідзе, нідзе!
Апошні міг. Труна раскрыта.
Халодны дождж пайшоў гусьцей,
А ў кусьціку, расой абмытым,
Свой гімн табе сьпеў салавей.