Нарач, як мора, шуміць
і на бераг круты наступае,
Дыміць над выгарамі і над палямі туман.
Зь ветрам узьняўшыся, кружыцца
вывадак чаек,
Спуджаных скрыпам абозаў і звонам
кайдан.
I чуваць, па-над намі
лятуць недзе гусі у вырай.
Разьвітальны іх крык патанае ў глухой
лебядзе.
Ды балюча скрыпяць і галосяць
калёсы па жвіры,
Па мядзельскім тракту
бясконцы этап наш брыдзе.
– Можа, ты пра былое жыцьцё сваё,
браце, раскажаш?
Што, яшчэ пад канвоем хадзіць
не прывык?
– Я стары палітзак... Шмат хадзіў
па этапах, таварыш... –
Недзе блізка сарваўся чыранкі
спалоханай крык.
– Можа, трапім з табою мы ў Вільню,
у Вронкі, у Гродна...
Там спаткаем нямала знаёмых сваіх...
Толькі дзе нас абвее прадвесьнямі вецер
свабодны
I калі ўбачым сонца з глухіх казематаў
сырых?..
Без адказу...
Адно толькі Нарач на бераг
круты наступае
I змывае сыры, ацяжэлы ад восені
цень,
Зь ветрам зрываецца, кружыцца
вывадак чаек,
I над намі шырэй і шырэй разгараецца
дзень.