Вецер птушкай біўся ў вокны,
Ныў, шумеў, стагнаў
I апаўшым лісьцем мокрым
Шыбы засыпаў.
Пад асеньні шум мяцелі,
Шум далёкіх ніў
У глыбокім падзямельлі
Нехта гаварыў.
Гаварыў аб сьветлым раньні
I аб тых арлах,
Што загінулі ў змаганьні,
Ў путах-ланцугах.
I аб казачнай старонцы
Голас гаварыў,
I пра волю, і пра сонца
Над прасторам ніў.
Толькі вецер біўся ў вокны,
Ныў, шумеў, стагнаў
I апаўшым лісьцем мокрым
Шыбы засыпаў.