Досыць!
Ня штука іграць на кларнэце,
Медныя жменяй сыпаць акорды,
Блудзіць па прытонах,
Цешыць тлустыя морды.
Хай хто
Зайграе з вас шыбеніц струнамі.
Глянь!
Чорныя сёньня прадмесьці прыйшлі.
Першы свой акт будзем іграць на пятлі.
Клікніце ўсіх з прадмесьцяў парыжскіх,
Стэпаў румынскіх
I тых, што на Ціргартэнштрасе
Сталі ў завеі чырвонай.
Хай сёньня прыйдуць салдаты
Шанхая, Кантона.
Вуліцы, плошчы ўдоўж, папярок
Звоняць рытмам шалёным.
Сьцягі – пажар,
Бунт – крок.
Колькі нас?
Мільёны.
Усталі.
Узялі Карпаты і Альпы.
Доўга і шмат хто ня верыў,
Пакуль не сказалі вулканы
Кардыльераў.
I гаварыў сівы Манблан:
Гараць Гімалаі
I шуміць неспакойна спакойны калісь акіян...
Год, і дзень, і лічбы
Падасьць вам нехта другі.
А ноч прыйшла
З-за калючых дратоў,
Лягла на саломе,
На нарах астрожных...
Доўга нехта сярод шэрых муроў
Гаварыў асьцярожна.
Потым змоўк і астрог...
Мінуты расьлі ў стагодзьдзі.
Крык!..
Нехта да цемры астрожнай
Яшчэ не прывык.
Цішу парвалі сігналы-сьвісткі,
РљСЂРѕРєС–,
За кратамі сьнег, месяц...
Голас дазорцы чуваць:
– Апошняя ноч...
Заўтра яго павесяць.
Зноў з падвалаў прыйшла цішыня,
Кроў зьледзяніла ў жылах;
Вострыя, чорныя ў чэрап яна
Кіпцюры запусьціла...
Недзе далёка
Сумуе гаротная матка,
Ў цесных рабочых кварталах ня сьпіць.
Цяжка
Доўгую ноч,
Ноч бясконцую ёй перажыць...
Ведаем – сьмерць, як жыцьцё,
Адважна спаткаеш,
Толькі хоць бы адзін
Прыйшоў разьвітацца
З баёў барыкадных, з этапаў таварыш!
Кашляе нехта, чуваць за сьцяной...
Ведаем – сёньня да ўсходу
Зазвоняць крокі мільёнаў у такт
I сярод плошчаў і вуліц
Агнём рэвалюцыі
Мы распачнём другі акт.