Вецер польны ды вясеньні
хай цалуе рукі, твар,
і дзень новы поўнай жменяй
звонкі высыпе загар.
Не аб тым я пець задумаў!..
От, сарваліся славы,
быццам ветру п'яным шумам
шапка з буйнай галавы.
Не парадзіш: грудзям цесна
між палосак і разор.
Накіпеўшым бунтам, песьняй
ўскалыхнуў бы так прастор,
як калыша толькі бура
сосны звонкія ў бары,
разадзьме ў пажар віхурай
іскры вугальля-зары.
Хай тэй буры адгалоскі,
хай пасыпіцца загар
і на песьні маёй вёскі,
і на стрэхі і на твар.