Ўсю ноч ў фіёрдзе Nord-Ost сярдзіта
стагнаў і біўся ў гранітны бераг
аб дно фіёрду...
Ня мала лодак і шкун разьбіў ён
і трэскі мачтаў з салёным сьмехам
на бераг кінуў, абмыўшы ў чорнай
сьцюдзёнай пене...
А перад ўсходам на шэрых хвалях
улёгся ціха і калыхаўся.
А з хат рыбацкіх сіроты, ўдовы
на бераг выйшлі і ўдаль глядзелі,
там, дзе жаль толькі... дзе толькі мора...
дзе толькі неба...
Nord-Ost нямала фіёрдаў бачыў,
зямель нямала, краін далёкіх
і сьлёз сіротаў з рыбацкіх хатаў...
Ды ўсё ж бурліва і неспакойна
ізноў усьпеніў,
бы перлы мора са дна фіёрду,
на бераг кінуць хацеў ў заплату.
Ды не падняў іх і падарваўся...
Бо гора болей ў рыбацкіх хатах,
як перлаў ў моры.
I разам з сонцам Nord-Ost улёгся
салёны, мокры ў вузкім фіёрдзе
на сініх хвалях і калыхаўся.
Ў той дзень ня кідаў рыбацкіх лодак,
не разьбіваў іх аб цьвёрды бераг...
Заснула мора... толькі агнямі
далёкіх хатак і зор сьцюдзёных
спакойна, ціха глядзела ў неба...