Быццам матыль у сырым падзямельлі,
Дымнай газоўкі мігціць аганёк.
Нехта, забраўшыся ў цёмны куток,
Сьпіць на дзіравай карэлай пасьцелі.
А на рабочым варштаце прылады:
Клешчы, жалеза, балты і ключы...
Чутна – скуголіць завея ўначы,
Б'ецца ў разьбітыя шыбіны градам.
Трэба было б адпачыць трохі, трэба,
Толькі з калыскі малы чалавек
Сонныя думкі уміг перасек –
Крыкам галодным напомніў аб хлебе.
I аж да золаку рукі ня сьмелі
Кінуць жалеза, рабочы станок.
Дымнай газоўкі мігціць аганёк,
Быццам матыль у сырым падзямельлі.