Вячэрняе люстра вады
Распырскалася пад вяслом.
Над ім халадок малады
Ўзмахнуў верасьнёвым крылом,
I ў тоні рачной сіняву
Атрос Млечны Шлях сьветлякоў.
Па казачным царстве плыву
Русалак, праяў лесуноў.
Стазвонная ліра ў мяне,
Пясьняр я, баян-чарадзей,
Шапнуць бы закляцьце струне, –
Збудзіць бы мінулага дзень...
Але няхай дрэмле жыцьцё,
Парослае цінай густой,
Пакуль над дрымучым трысьцём
Ня звоніць з турбін вадарой.
Збуджу тады чары балот,
Калі тут агні замігцяць,
Каб, вывеўшы свой карагод,
Ня мог вадзянік рагатаць.