З паэмы "Нарач"
Гарыць агонь.
Спакойна дрэмле Нарач.
I ноч, як песьня ціхая, бяз слоў,
На сонны бераг навявае чары,
Калыша хмары-думы рыбакоў.
Часамі з поля падкрадзецца вецер,
Рукамі згорне золата з агню
I, расьсяваючы, нясе, здаецца,
Па небе зораў поўную сяўню.
Часамі хваля падпаўзе пужліва,
Як бы пра нешта хоча запытаць
Ці, можа, казку задрамаўшым нівам,
Арцелям сонным хоча расказаць.
I да затокі ў зарыве чырвоным
Ізноў бяжыць з пакатых берагоў.
Грызуць мурог папутаныя коні,
Дзе-недзе звон сарвецца з капытоў.