У Беларусі – ясныя вочы,
Многа любові ў грудзях:
Звонкае поле, звонкія сосны,
Звонкі і сонечны шлях.
Пятрусь Броўка
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

ДАРОГА

Скрыпяць, перасьмягшы ва ўтулках,

Гарачыя восі,

I льецца пясок

Паміж рэдкімі пальцамі сьпіц.

Наўсход і на захад,

Да цёмнага лесу граніц,

Лугоў муражных

Дагараюць на сонцы пакосы.


Далей, быццам стада валоў,

На папары каменьне і грушы,

Як жнеі зялёныя,

Хіляцца нізка ў дабры

I тонуць асьверы, пярэплаты,

Рогі апушын

За пылам дарожным,

За шэрым пакатам гары.


А ўдаль, з-пад калёс гаваркіх,

Разаслаўся гасьцінец,

Паплыў па пагорках

З прытокамі польных дарог,

З прытокамі сьцежак

Ды тропаў глухіх і нізінных,

Пралёгшых праз папараць, верас

I чартапалох.


Адны з гэтых сьцежак

Нясуць пах жытнёвага поля

I рэха забытых напеваў

Зь іх усхваляванай тугой,

Знаёмую сьвежасьць,

Блакіт надазёрных аколіц

I шум таямнічы

Наднёманскай пушчы глухой;


Другія – нясуць успаміны дзяцінства,

Сустрэчаў

I подых вільготных іржышч,

Верасьнёвых начэй,

Калі адклікаецца толькі

На шэлест атавы надрэчнай,

Калышачы крыльлямі зоры,

Ключ дзікіх гусей.


I ўсё гэта бурымі хвалямі

Спаленай гліны,

Падзолу, пяскоў

Уцякае з-пад дрогкіх калёс.

I рэхам трывожным

Сухія зьвіняць каляіны,

І нізка, ад хмараў асеўшых,

Зьвісае бярозаў гальлё...


Дарога, дарога!

Чым заваражыла мяне ты?

Вятрамі, начлегамі,

Песьняй ці далечынёй,

Што я без тугі пакідаў

I абжыты палетак,

I клёкат бусьліны

Па-над саламянай страхой?


I нават сягоньня,

Калі ўсяму ведаю вартасьць:

Сустрэчам і дружбе,

Спагадзе і фарбам вясны, –

Я золатам лічаных дзён сваіх

Шчодра і ўпарта

Плачу за дарожныя

І мімалётныя сны.


Нібыта мне суджана лёсам

На нейкім крутым перавале,

Дайшоўшы да мэты,

Застацца слупом верставым,

Ў якога другія

Заўсёды дарогу пыталі б

І каля якога ўздымаўся б

Начлежнага вогнішча дым.


1946  М. Танк

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 13.07.2011