Ты знаеш вецер сваёй радзімы –
Не безыменны там вецер нейкі,
А той, што вее начлежным дымам,
Шуміць чаротам, зьвініць жалейкай.
Які антонаўкі атрасае,
Які рыбацкія любіць снасьці
I, клямкай бразнуўшы, расчыняе
Па-гаспадарску ўсе дзьверы насьцеж?
Не заўважаеш яго ты часам,
Клянеш, калі табе дакучае,
У вушы сьвішча, запалкі гасіць,
Сячэ залевай, сьлед замятае.
Але затое ўдалі ад дому
Як ты сумуеш па ім заўсёды,
Як прагна слухаеш гул знаёмы,
Як ловіш вуснамі родны подых!