Вы пытаеце: з чаго я
Песьні гэтыя складаю?
Я і рад бы адказаць вам,
Ды, прызнацца, сам ня знаю.
Можа – з гоману крыніцаў,
Шуму ніў і хваль азёрных,
Зь весьніх галасоў птушыных,
Залатых праменьняў зорных?
Можа – з польных траў і зёлак,
З кропляў дажджавых, з расінак,
З непрыкметных, мімалётных,
Ўзьнятых матыльком пылінак?
Можа – з простых слоў надзённых,
З сэрца ўзятых, з роднай глебы,
Слоў, якія пахнуць потам,
Перагноем, жытнім хлебам?
Можа здасца – гэта лёгка.
Думаў так і я, дарэчы,
Покуль груз жыцьця і сьмерці
Каменем ня лёг на плечы.