Асеньнія ночы ўсё больш дакучаюць
Бяссоннымі думкамі.
Полымя ў грубцы,
Нібы кацянё, нагуляўшыся ўдосталь,
Зарылася ў попел.
Гараць толькі вочы.
Знаць, вецер дужэе,
што ў коміне чэрці,
Якія ізноў пачалі свае гарцы,
I груша, як бабка цікаўная вельмі,
То ў шыбу адну, то ў другую
загляне.
Ад брэху заходзяцца ў вёсцы сабакі,
Знаць, месяц ікласты
дзіком ізноў з пушчы
Паласавацца на бульбянішчы
выйшаў.
Ізноў я пішу неадкладныя пісьмы
Пра тое,
што жыць безь цябе немагчыма.
На пошце купляю дзівосныя маркі:
Калі не пісьмо – мо' яны зацікавяць.
I весьніц на вуліцу не прычыняю,
Бо ўсё спадзяюся,
што прыйдзеш наведаць.