А хто гэта на сьвітаньні
Ў засень, цемень гаю
Чарнабровую Алёнку
Кліча, заклікае?
Можа, ясень шумналісты,
Ці паток ля кручы,
Ці зязюля-варажбітка
Ў гушчары дрымучым?
Можа, там яе чакае
У цемені маўклівай
Соннай папараці кветка
Або шчасьце-дзіва?
Можа, лекаў там шукае
Ад тых сноў спакусных,
Што агнём пякуць ёй грудзі,
Сушаць прагай вусны?
I таму, хоць б'ецца сэрца
Палахліва, звонка,
Кожны дзень у засень гаю
Ўсё ідзе Алёнка.