Абяцаў мне, што ў нядзелю
Мілы будзе.
Нешта доўга панядзелак
Замарудзіў.
Нешта спозьнена ў аўторак
Сонца ўстала;
Нешта ў сераду павольна
Пагасала.
Нешта з чацьвярга на пятніцу
Такая
Ночка выдалася доўгая,
Глухая.
А субота – як нудота,
Як маркота,
Аж успамінаць яе мне
Неахвота.
Казаў мілы, што ў нядзелю
Ў госьці прыйдзе.
Ой, чаму ж такі бясконцы
Ў мяне тыдзень!