Мяне цікавіла алхімія калісьці
Ня тым, што абяцала скарбы.
За іх ня купіш сонца ў сіняве,
Сьвітальнага напеву жаўрука,
Бярозавага шэлесту пад вокнамі
Ці ветру нарачанскага, зь якім
За плугам я хадзіў
I грэўся ля начлежнага кастра.
Таму я, вывучаючы алхімію,
Найбольш увагі аддаваў сакрэтам:
Як здабываць зь зямлі хлеб і віно,
А з хлеба і віна – дружбу,
А з дружбы – любоў,
А зь любові – песьню.